Спрабуючы патрапіць на сайт reform.by, знянацку патрапляеш на старонку з нейкім лічбавым адрасам і паведамленнем на рускай мове, што доступ да рэсурса абмежаваны рашэннем Міністэрства інфармацыі Беларусі. Пакліканае забяспечваць дзейнасць СМІ ведамства выступае ці не галоўным душыцелем свабоды прэсы.
reform.by штодня чыталі каля 200 тысяч чалавек, а за месяц два з паловай мільёны. Рэсурс заставаўся адным з важных каналаў незалежнай інфармацыі і аналітыкі, які працягваў працу пасля блакавання «TUT.BY», «Трубыны» і мноства іншых сталічных і рэгіянальных рэсурсаў. Заснавальнік і галоўны рэдактар сайта Фёдар Паўлючэнка расказаў Польскаму радыё, што рэдакцыя рыхтавалася да такой сітуацыі.
– Мы чакалі, што нешта такое здарыцца ў бліжэшы час, таму зрабілі backup-ы. Некаторыя супрацоўнікі нашай рэдакцыі з’ехалі з Беларусі. Бліжэйшым часам паспрабуем аднавіць працу на новым серверы за мяжой, паспрабуем аднавіць работу нашага дамена. А калі не атрымаецца, зробім новы і будзем працаваць далей.
Reform.by праіснаваў 5 гадоў, запомніўся вельмі ўдалымі інтэрв'ю і аператыўным асвятленнем навінаў. Зараз ён у спісе з некалькіх дзясяткаў інтэрнэт-рэсурсаў, заблакаваных рэжымам Лукашэнкі за праўду.
Спецыяльна для Беларускай службы Польскага радыё, Казімір Шчадковіч, Мінск.